Марцыян Аляксандар Агінскі
Марцыян Аляксандар Агінскі | |
Герб «Агінскі» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1632 |
Памёр | 26 студзеня 1690 |
Род | Агінскія |
Бацькі | Аляксандар Кацярына з Палубінскіх[d] |
Жонка | Марцыбэла з Глябовічаў Канстанцыя Кацярына зь Веляпольскіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Юры |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Агінскі.
Марцыян Аляксандар Агінскі (1632 — 26 студзеня 1690) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1658—1659), падстолі (1659—1661), стольнік (1661—1665), крайчы (1665—1670) і канцлер вялікі літоўскі (з 1684), ваявода троцкі (з 1670)[1].
За жонкай атрымаў тытул графа «на Дуброўне» з паловай маёнткаў Дуброўна і Заслаўе, а таксама ейную спадчыну ад маці — Іўе, колішні родавы маёнтак Кішкаў. Павялічыў свае маёнткі, атрымаўшы ў 1667 Дарсуніскае і Рагачоўскае староствы[2].
Марцыян Аляксандар Агінскі — адзін з уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік княскага роду Агінскіх гербу ўласнага, сын Аляксандра, кашталяна троцкага, і Кацярыны з Палубінскіх. Навучаўся ў Кракаве і Лейдэне.
3 1651 служыў у войску, палкоўнік. Атрымаў шэраг дзяржаўных пасадаў, у тым ліку стольніка (1647) і харужага троцкага (1654). Абіраўся паслом на соймы 1661, 1664, 1668, 1670, дэпутат Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага ў 1667, 1668, ягоны маршалак у 1671.
Удзельнік Паўночнай вайны (1655—1660), вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у тым ліку баёў супраць маскоўскіх войскаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1660[1]. На чале ўласнага палку браў удзел у Хоцінскай бітве (1673). Удзельнік падпісаньня «Вечнага міру» (1686) з Расеяй.
Сябар праваслаўнага Віленскага Сьвятадухаўскага і Магілёўскага Богаяўленскага брацтваў. У 1668 збудаваў праваслаўную царкву ў Сьмілавічах. У 1669 прыняў каталіцтва. У канцы жыцьця належаў да групоўкі Сапегаў.
Двойчы браў шлюб: у першым — з Марцыбэляй (1663), дачкой апошняга з роду Глябовічаў Юрыя Караля, меў сына Юрыя (памёр у маленстве, захаваўся панэгірык на ягоную заўчасную сьмерць). Другі раз ажаніўся ў 1685 з Канстанцыяй Кацярынай Веляпольскай, аднак шлюб быў бязьдзетным.
Па сьмерці М. А. Агінскага, ягоная спадчына перайшла да стрыечнага брата Сымона Караля, а спадчына Глябовічаў — да К. Сапегі, мужа 2-й дачкі Ю. К. Глябовіча.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Грыцкевіч А. Агінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 203.
- ^ Грыцкевіч А. Агінскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 33.
- ^ Zygulski Z. Jr. Further Battles for the Lisowczyk (Polish Rider) by Rembrandt // JSTOR. Vol. 21. No. 41. 2000. P. 197—205.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Хадыка А. Беларускі партрэт Рэмбрандта / Новы час, 2007, 7 сьнежня
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марцыян Аляксандар Агінскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў